МУЗЫ́ЧНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ Беларусі,
сярэднія муз. навуч. ўстановы ў сістэме музычнай адукацыі. Рыхтуюць музыкантаў-прафесіяналаў сярэдняй кваліфікацыі (інструменталістаў, спевакоў, хар. дырыжораў, тэарэтыкаў) для работы ў аркестрах, харах і выкладання ў муз. і агульнаадук. школах. Прымаюцца асобы пасля заканчэння музычнай і 8—10 класаў сярэдняй школ. Тэрмін навучання 4 гады.
У 19 ст. існавалі Мінскае вучылішча арганістаў і Мінскае музычнае вучылішча Н.Рубінштэйна пры Мінскім таварыстве сяброў музыкі. У 20 ст. адкрыты М.в. (да 1939 наз. муз. тэхнікумы) у Віцебску (1918), Мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі, Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.А.Рымскага-Корсакава, у Гомелі (1932), Брэсце (1939), якія адыгралі значную ролю ў фарміраванні нац. муз. кадраў, стварэнні творчых калектываў, развіцці бел. муз. культуры. У 1990-я г. зменены назвы (муз. каледж, каледж мастацтваў), формы і змест навучання некат. М.в.
У 1999/2000 навуч. г. працуюць: Баранавіцкае, Віцебскае, Гродзенскае, Лідскае, Магілёўскае, Мазырскае, Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага, Мінскае, Наваполацкае М.в., Брэсцкі муз. каледж і Гомельскі каледж мастацтваў, якія маюць аддзяленні фп., струнных, духавых і ўдарных, нар. інструментаў, сольных і нар.-хар. спеваў, хар. дырыжыравання, тэорыі і гісторыі музыкі, артыстаў эстрады і цырка (Мінскае) і інш. Сярэднюю спец. муз. адукацыю даюць таксама муз. аддзяленні Мінскага, Пінскага, Гродзенскага, Віцебскага вучылішчаў мастацтваў.
В.П.Пракапцова.
т. 11, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)